Парады і віншаванні – ад прафсаюзнага лідара
Дзятлаўшчыну з рабочым візітам наведаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Сяргей Патапенка.
Ён сустрэўся з кіраўніцтвам раёна, прафсаюзным актывам і наведаў працаўнікоў сёлетняга жніва.
Нарада з кіраўнікамі пярвічак галіновага прафсаюза пры ўдзеле старшыні Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Алены Берасневай і старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерыя Макарчыка прайшла ў актавай зале райвыканкама.
Сяргей Патапенка адкрыў яе прыемнай місіяй: за плённую прафсаюзную работу, актыўную жыццёвую пазіцыю і кампетэнтнасць ён уручыў Падзячны ліст старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў раённаму прафсаюзнаму кіраўніку Вользе Бародзіч. Сёлета ў сувязі з пераменай месца жыхарства яна завяршае прафсаюзную дзейнасць на Дзятлаўшчыне.
Сяргей Уладзіміравіч расказаў, чым сёння жыве іх галіновы прафсаюз, акцэнтаваў увагу на рабочых момантах, вядзенні прафсаюзнай дакументацыі, выслухаў пытанні аўдыторыі і даў на іх адказы.
Алена Бераснева, якая на Дзятлаўшчыне з’яўляецца частым госцем, адзначыла высокі ўзровень прафсаюзнай работы ў пярвічных арганізацыях раёна. У ліку лепшых сярод прафкамаў работнікаў дзяржаўных і іншых установаў яна назвала прафкам Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дыспансера. Таксама станоўча ацаніла прафсаюзную работу па аздараўленні і экскурсійнай дзейнасці ў прафсаюзных калектывах раёна.
Самай актуальнай тэмай жніўня з’яўляецца масавая ўборачная кампанія, таму Сяргей Патапенка асабіста наведаў аб’екты жніва, каб пагутарыць з аграрыямі і адзначыць лепшых з іх.
Ён уручыў грашовы сертыфікат ад Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў камбайнеру ААТ “Дварэц-Агра” Мікалаю Маруку. Да работы ў сельскай гаспадарцы ён таксама быў членам гэтага прафсаюза, узначальваў раённае падраздзяленне Дэпартамента аховы. Пасля выхаду на пенсію ўладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку, ужо 13-ы сезон працуе на жніве, паказваючы стабільныя вынікі. Кіраўніцтва арганізацыі характарызуе Мікалая Яўгенавіча як акуратнага, грунтоўнага, адказнага работніка, уважлівага як да тэхнікі, так і да работ, якія выконвае. Сам мужчына кажа, што работа ў полі яму па душы.
Такі ж сертыфікат Алена Бераснева перадала заслужанаму аграному-насенняводу ААТ “Граніт-Агра” Ганне Строк. Гэта ўборачная кампанія – 35-я для жанчыны. Ганна Уладзіміраўна з гонарам за сваю гаспадарку адзначае, што пераважную большасць насення злакавых культур гранітаўцы вырабляюць самі, працэнт закупкі мінімальны. Азімая пшаніца, ячмень, трыцікале, усе яравыя культуры, якія ўзрастаюць на палях гаспадаркі, – плён работы мясцовых насенняводаў.
– Сёлетні ўраджай радуе, – кажа спецыяліст. – Калі надвор’е дазволіць сабраць без стратаў, можам амаль напалову перавысіць мінулагодні.
На пытанне, што больш падабаецца ў рабоце, аграном кажа:
– За столькі гадоў працы ўсё падабаецца, не магу пражыць без сваёй справы, але і перажываю за ўсё.
Прафсаюзная паездка стала добрай нагодай павіншаваць чарговага тысячніка ААТ “Граніт-Агра, які вызначыўся на “Жніве-2022”. Вадзіцель МАЗа Казімір Рысюк перавёз у час сёлетняй уборачнай кампаніі першыя 1000 тон зерня, ён прымаў віншаванні, падарункі і медаль перадавіка ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, кіраўніцтва сваёй гаспадаркі.